МАЁВАЯ ПЕСНЯDe la musique avant chose. P. Verlaine* (* Музыка перш за ўсё. П. Верлен) Па-над белым пухам вішняў, Быццам сіні аганёк, Б'ецца, ўецца шпаркі, лёгкі Сінякрылы матылёк.
Навакол усё паветра Ў струнах сэрца залатых, - Ён дрыжачымі крыламі Звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песня, - Ціхі, ясны гімн вясне. Ці не сэрца напявае, Навявае яго мне?
Ці не вецер гэта звонкі Ў тонкіх зёлках шапаціць? Або мо сухі, высокі Ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі, Не разведаць, не спазнаць: Не дадуць мне думак зыкі, Што ляцяць, дрыжаць, звіняць.
Песня рвецца і ліецца На раздольны, вольны свет. Але хто яе пачуе? Можа, толькі сам паэт. |