Произведения Интересные ссылки | ПЕРАПIСЧЫКНа чыстым аркушы, прад вузенькім акном, Прыгожа літары выводзіць ён пяром, Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі Чырвоную страку; усякімі цветамі, Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў І птах нявіданых, спляценнем завіткоў Ён пакрашае скрозь — даволі ёсць знароўкі. Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі, І загалоўкі ўсе, — няма куды спяшыць! Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць Пяро гусінае, і гляне: светла сонца Стаўпамі падае праз вузкае аконца І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл; Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл, Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі Як жар гарашчымі, а тут, каля акна, Малінаўка пяе і стукае жаўна. І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць Ўжо хутка будзе ноч і першая гвязда Благаславіць канец прыгожага труда. |