Произведения | Ціхі вечар; знікнула спякотаЦіхі вечар; знікнула спякота, Весялей струіцца між чарота Рэчка, што ўцякае у ставок; Ўкруг яго ідзе вярбін вянок Йшчэ зялёных, свежых, хоць каравых; Плесня каля бярагоў іржавых Саматканым поясам ідзе І лілеі расцвілі ў вадзе; Часам з візгам ластаўка малая Пранясецца нізка, і чыркае Крылечкам з разгону гладзь стаўка, Налякаўшы гэтым матылька. Часам лінь ці окунь успляснуцца І кругі шырока разыйдуцца. Часам выпаўзаюць паляжаць Тут вужакі шэрыя на гаць, У канцы каторай. млын схіліўся; Спарахнеў ён, ледзь не разваліўся, Пачарнела кола, і даўно Мохам цёмным абрасло яно. Але сёння ходзіць кола млына, Бо прыйшла да млынара дзяўчына, Каб мог сукруху с сэрца збыць. У белай вопратцы яна стаіць, Нахіліла смуглую галоўку І чуваць, як сэрца праз шнуроўку Часта б'ецца. А стары млынар Тройчы брызнуў ёй вадой на твар I, уставіўты на хвалі вочы, Прыглушоным голасам шапоча: "Пакланюся я табе, царыца, Чыстая, сцюдзёная вадзіца. Ты цячэш балотамі, імхамі, Жоўтымі, сыпучымі пяскамі, Бэрагі крутыя падрываеш, Дрэвы ды каменні падмываеш І нясеш іх к мору-акіяну, К выклятаму востраву Буяну. Там і вецер буйны не гуляе, Там і сонца краснае не ззяе, Там не блішча ясная зараніца. І прыносіш ты туды, вадзіца, Важкі сум ад сэрца Кацярыны. Я навокал абваджу тры тыны, На замок іх моцна замыкаю, Ключ у мора-акіян кідаю. Як са дна ключу ўжо не падняцца Так і гэтым словам не мінацца". І падносіць млынару дзяўчына Яйкі ў рэшаце і палатніну. |