Произведения | СКАНДЫНАЎСКАЯ ПЕСНЯБыла Інгеборг, як сасонка, страйна, - Так вецер суворы пяе - I горкую долю спаткала яна. - Шкада нам, шкада нам яе.
He слухала маткі, не чула айца, - Так вецер суворы пяе - Кахала Аскара, марскога байца, - Шкада нам, шкада нам яе.
Ў чужую паехаў Аскар старану, - Так вецер суворы пяе - Надоўга нявесту пакінуў адну. - Шкада нам, шкада нам яе.
Шмат дзён праняслося, шмат доўгіх начэй, - Так вецер суворы пяе - Шмат слёз пралілося з дзявоцкіх вачэй. - Шкада нам, шкада нам яе.
I весткі праз рок да Аскара дайшлі: - Так вецер суворы пяе - Спіць моцна твая Інгеборг у зямлі. - Шкада нам, шкада нам яе.
I цяжка Аскару зрабілася жыць, - Так вецер суворы пяе - Ён кінуўся ў бой, каб дзяўчыну забыць. - Шкада нам, шкада нам яе.
I вось напаткаў ён смяротны удар, - Так вецер суворы пяе - I умёр праз нявесту адважны Аскар. - Шкада нам, шкада нам яе.
Таміцца па ім Інгеборг без канца, - Так вецер суворы пяе - Няма ўсё Аскара, марскога банца. - Шкада нам, шкада нам яе.
Над морам навісла скала, як сцяна, - Так вецер суворы пяе - Штодня Інгеборг там чакае адна. - Шкада нам, шкада нам яе.
І бачыць нарэшце: з далёкіх зямель - Так вецер суворы пяе - Ўвесь чорны Аскараў плыве карабель... - Шкада нам, шкада нам яе.
I кінулась, скрыкнуўшы, ў мора яна - Так вецер суворы пяе - I ўжо не паднялася з цёмнага дна. - Шкада нам, шкада нам яе.
1915 |