Произведения Интересные ссылки | ЛЕТАПIСЕЦДушой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах, Свой век канчае ён у манастырскіх мурах. Тут ціша, тут спакой, — ні шуму, ні клапот. Ён пільна летапіс чацвёрты піша год I спісвае усе ад слова і да слова 3 даўнейшых граматак пра долю Магілёва. I добрыя яго і кепскія дзяла Апавядае тут. Так рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. I бачанаму ім — ён годны веры сведак. Што тут чынілася у даўныя гады, Што думалі, аб чым спрачаліся тады, За што змагаліся, як баранілі веру, — Узнаюць тэта ўсё патомкі праз паперу! Яно забудзецца, умрэ, з вадой сплыве, — I вось у спомінах устане, ажыве, Калі знайдуць яго няхітрае пісанне Пра гэтае жыццё, надзеі, справаванне. Так мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала. Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб'юць, I, як трапляецца, быць мо у ёй знайдуць Ліста. Па звычаю марскому гэтак весці Нам, утапаючы, шлюць людзі. Ў моры гдзесьці Загінулі яны, і, можа, соткі год 3 тых часаў працяклі, і згінуў іх народ, I ўсё змянілася і ўжо пра іх забылі. Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі! I людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, — Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх, Каму маліліся, чаго яны шукалі, Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі. |