Произведения Интересные ссылки | АГАТАПомню — йшла я да ратушы хутка Паглядзець, як гараць ведзьмакі, Толькі чую — гукае Марутка: «Бач, Агата, красунчык які!»
Ў задуменні, маруднай хадою, Увабраны ў шалом залаты, Ехаў ён на кані саматою, A прыгожы,— як Юры святы.
Шмат адгэтуль мінулася часу... Ах, калі бы ізноў павідаць I каня, i убранства пакрасу, I знаёмую сэрцу пастаць!
Я сяджу дзень за днём у аконца Ды праду апрыкрылы кужэль, I гудзіць, ўсё гудзіць верацёнца. Як у полі далёкім мяцель.
Ах, чаму я, на што змарнавала Так свае маладыя гады, — Ах, чаму я, на што не спытала, Хто ён гэткі, i едзе куды!
Толькі б зведаць — i з воску фігуру Я найменнем яго ахрышчу, Выйду ноччу на поле у буру I закляцце сваё нашапчу.
I праз свіст, праз гудзенне вятрыска, Цераз шум прыдарожных ракіт Я пачую так блізка, так блізка Гук знаёмы ад конскіх капыт.
He забыць мне, што спасенне трачу, Што душу варажбою гублю, Але знаю — яго я пабачу I нарэшце скажу, як люблю.
|