Произведения Интересные ссылки | ПАГОНЯТолькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, — Ўспомню Вострую Браму святую I ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні, — Рвуцца, мкнуцца i цяжка хрыпяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні He разбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце, A за вамі, прад вамі — гады. Вы за кім у пагоню спяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць i куды?
Mo яны, Беларусь, панясліся За тваімі дзяцьмі уздагон, Што забылі цябе, адракліся, Прадалі i аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх — бійце мячамі, He давайце чужынцамі быць! Хай пачуюць, як сэрца начамі Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці-Краіна! He усцішыцца гэтакі боль... Ты прабач. Ты прымі свайго сына, За Цябе яму ўмерці дазволь!..
Усё лятуць i лятуць тыя коні, Срэбнай збруяй далёка грымяць... Старадаўняй Літоўскай Пагоні He разбіць, не спыніць, не стрымаць. |